Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча

Дрынеўскі М. П.

Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі (12 лютага 1941 – 9 лістапада 2020)

“Народная песня – наша гісторыя, наша святыня, нашы карані.

Песня павінна не проста гучаць, песня павінна дыхаць.

Песню немагчыма пераказаць – песню трэба слухаць!

Бо добрая музыка робіць чалавека больш чыстым і высакародным!”-

( М.П.Дрынеўскі).

Народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэат прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”, Ганаровы акадэмік міжнароднай кадравай акадэміі, выдатны музыкант, фалькларыст, этнограф, вялікі знаўца народнай музыкі, прафесар.

Узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць” за вялікую працу ў падрыхтоўцы і правядзенні XXII Алімпійскіх гульняў, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэнам Францыска Скарыны. Імя М.П.Дрынеўскага прысвоена Лельчыцкай школе мастацтваў на малой радзіме артыста.

На працягу доўгага часу Міхась Паўлавіч з’яўляўся старшынёй Праўлення Беларускага саюза музычных дзеячаў, працаваў на кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, падтрымліваў плённыя творчыя адносіны з беларускімі кампазітарамі і паэтамі, быў старшынёй і членам журы шматлікіх конкурсаў і фестываляў. Ён унёс вялікі ўклад у развіццё нацыянальнай культуры, яскравым талентам і шматгадовай плённай працай заслужыў павагу калег і прызнанне публікі, менавіта таму імя Міхася Паўлавіча Дрынеўскага стала сімвалам цэлай эпохі ў харавой творчасці.

Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі нарадзіўся 12 лютага 1941 года ў вёсцы Тонеж Тураўскага (зараз Лельчыцкага) раёна Гомельскай вобласці. Маючы ад прыроды музычныя здольнаці, Міхаіл Дрынеўскі ва ўзросце 13 гадоў пачаў працаваць кіраўніком хору калгаса ў вёсцы Тонеж. У 1959 годзе паступіў у Гомельскае музычнае вучылішча. У час вучобы працаваў з народным хорам вёскі Прыбыткі Гомельскага раёна і з дзіцячым хорам Палаца піянераў горада Гомеля. У 1963 годзе М.П.Дрынеўскі паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А.В.Луначарскага, пасля заканчэння якой быў накіраваны на працу ў Мінскае музычнае вучылішча. З 1973 – галоўны хармайстар, а з 1975 – мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага хору БССР (цяпер – Нацыянальны акадэмічны хародны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча). Пад кіраўніцствам Міхася Паўлавіча Нацыянальны акадэмічны народны хор стаў высокапрафісійным калектывам, атрымаў шырокую вядомасць у нашай краіне і за яе межамі.

Міхась Паўлавіч ніколі не працаваў у паўсілы. Усе ведалі пра гарачасць асобы, адчувалі вялікі эмацыянальны зарад дырыжора. Міхась Паўлавіч валодаў моцным валявым характарам. У ім злучаліся майстэрства, працавітасць, патрыятызм, абаянне і дзіўна тонкі гумар.

Міхась Паўлавіч быў чалавекам з вялікай, прыгожай душой і шчырым сэрцам, заўсёды знаходзіў хвіліну для кожнага з артыстаў. З пяшчотай, павагай і цяплом ён ставіўся да народнай творчасці і песні. Увесь жар душы, усе свае ўменні, жыццёвы вопыт, любоў уклаў у працу з калектывам. Вучыў артыстаў хору не проста выконваць песні, а ствараць цэласныя яскравыя мастацкія вобразы, перадаваць усю гаму пачуццяў, іх хараство і глыбіню. У кожным творы Міхась Паўлавіч вялікую ўвагу надаваў чысціні інтанавання, драматургіі, выяўленню тэмбрава – каларыстычных дэталяў.

Багаты вопыт і ўласная жыццёвая мудрасць, глыбокае разуменне духоўнай спадчыны народа дазваляла Міхасю Паўлавічу на працягу многіх гадоў развіваць і ўдасканальваць традыцыі, закладзеныя Генадзям Іванавічам Цітовічам. На аснове здавалася б, звычайных беларускіх песень ён стварыў сапраўдныя шэдэўры, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў слухачоў і з’яўляюцца залатым фондам рэпертуару калектыва.

Да 60-годдзя з дня нараджэння М.П.Дрынеўскага рэжысёрам У.Арловым быў зняты відэафільм “Як пайду я дарогаю”, прысвечаны асноўным этапам творчай дзейнасці майстра. А ў 2021 годзе быў выдадзены музычны сборнік з такой жа назвай, у якім сабраны харавыя апрацоўкі Міхася Паўлавіча Дрынеўскага.