Гісторыя стварэння
Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча - адзін з вядучых калектываў Беларусі, які мае 70-гадовую гісторыю.
Дзяржаўны народны хор БССР быў створаны ў 1952 годзе (з 1959 па 1963 гады насіў назву Дзяржаўнага народнага ансамбля песні і танца БССР). Заснавальнік хору - выдатны дзеяч нацыянальнай музычнай культуры Генадзь Іванавіч Цітовіч - фалькларыст, этнограф, Народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Ужо на ранніх этапах станаўлення калектыву крытыкамі, гледачамі і слухачамі адзначалася высокае выканальніцкае майстэрства хору, навізна і самабытнасць яго рэпертуару.
З 1975 па 2020 год мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам калектыву быў Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі - Народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар. Міхаіл Паўлавіч працягнуў развіваць традыцыі хору, пачатак якім паклаў Генадзь Іванавіч Цітовіч.
Вялікае мноства людзей-артыстаў: спевакоў, танцораў, музыкантаў звязалі свой лёс з калектывам Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.І.Цітовіча. Менавіта яны, прысвяціўшыя сваё жыццё служэнню хору, аддаваючыся без астатку любімай справе, нягледзячы на складанасці, нязручнасці гастрольнага быту, няпростыя сямейныя абставіны, стваралі слаўную гісторыю калектыва, будавалі фундамент, на якім калектыў цвёрда трымаўся, удасканальваючы сваё прафессійнае майстэрства, і горда нёс па свеце сапраўдную культуру свайго народа. Дзякуючы яркім талентам кіраўнікоў калектыву, хормайстараў, балетмайстараў, пастаноўшчыкаў, аранжыроўшчыкаў, кампазітараў і паэтаў, ствараліся творы, канцэртныя нумары, кампазіцыі, канцэртныя праграмы, якія з’яўляюцца сапраўдным скарбам беларускага народнага мастацтва. Яны і сёння, гучаць з розных сцэнічных пляцовак, даносяць да слухачоў вялікую народную мудрасць і жывую чалавечую праўду.
У хоры вырасла нямала вядомых выканаўцаў. Немагчыма ўявіць сябе калектыў без такіх яркіх артыстаў і дзеячоў мастацтва Беларусі, як Валянціна Прыдачына, Валянціна Марозава, Лідзія Загаруйка, Ганна Бажчук, Анатоль Бальцэвіч, Канстанцін Паплаўскі, Юрый Сляпнёў, Пятро Акулёнак, Эдуард Лямбовіч, Мікалай Сірата, Васіль Варановіч, Эмілія Суровіцкая, Іван Абразевіч, Уладзімір Будай, Алена Рамашкевіч, заслужаныя артысты БССР Марыя Адамейка, Ганна Аўдзеенка, Валянціна Марозава, Уладзімір Кавальчук, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Марыя Маршак, Ніна Чарэднічэнка, Васіль Браім, Пётр Глушчук, Юрый Паўлішын, Народная артыстка Беларусі Валянціна Крыловіч і многія іншыя.
У складзе хору ў розны час існавалі невялікія групы. У 1957 годзе падчас падрыхтоўкі да Усесаюзнага і VI Сусветнага фестываляў моладзі ў Маскве Г.Цітовічу прыйшла думка стварыць з ліку артыстак хору вакальны актэт. А праз дзесяць гадоў з'явіўся яшчэ адзін цудоўны калектыў - жаночы вакальны квартэт, якому далі ласкавую назву "Купалінка". Гэты квартэт адразу ж атрымаў шырокае прызнанне аматараў музыкі, а з часам стаў самастойным калектывам (цяпер – Фальклорны гурт «Купалінка» Беларускай дзяржаўнай філармоніі).
За шматгадовую гісторыю на рахунку Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча некалькі тысяч выступленняў, якія праходзілі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і за яе межамі. На сусветнай гастрольнай карце калектыва такія краіны як: Балгарыя, Венгрыя, Германія, Італія, Канада, Кітай, Карэя, Літва, Манака, Польшча, Расія, Румынія, Славакія, Турцыя, Фінляндыя, Францыя, Чэхія, Югаславія.
Калектыў Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча браў удзел у шматлікіх міжнародных конкурсах і фестывалях, на якіх заваёўваліся ўзнагароды, дыпломы і любоў тысяч гледачоў.
За поспехі ў галіне харавога мастацтва, прапаганды беларускай нацыянальнай культуры, высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства:
У 2000 годзе згодна з загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2000 г. №186 калектыў стаў дзяржаўнай установай, а ў 2004 годзе пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 верасня 2004 г. № 1129 Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча названы дзяржаўнай установай культуры, якая мае асаблівае значэнне для захавання, развіцця, распаўсюджвання і (або) папулярызацыі беларускай нацыянальнай культуры.